Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
25 лютага, у Адзіны дзень галасавання, у Глыбоцкі раён прыбылі міжнародныя назіральнікі ад СНД Леанід Анфімаў і Віталь Бусько. Яны наведалі раённую выбарчую камісію, а таксама выбарчыя ўчасткі ў Глыбокім і вёсцы Удзела.
– Наша задача – забяспечыць празрыстасць і законнасць працэсу галасавання, а таксама пракантраляваць выкананне правоў і свабод грамадзян у рамках выбарчай кампаніі, - растлумачыў сваю місію Леанід Анфімаў.
Як распавялі ў раённай выбарчай камісіі, на ўчастках адзначаецца высокая яўка выбаршчыкаў, што сведчыць аб зацікаўленасці і ўцягнутасці людзей у такі важны палітычны працэс, як выбары дэпутатаў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовыя Саветы дэпутатаў. Была таксама адзначана адсутнасць скаргаў з боку выбаршчыкаў на арганізацыю галасавання.
Леанід Анфімаў і Віталь Бусько наведалі ўчасткі для галасавання №11 у вёсцы Удзела і №4 у будынку Глыбоцкага МКК, дзе пагутарылі са старшынямі ўчастковых выбарчых камісій, назіральнікамі, членамі камісіі.
На выбарчым участку ў Глыбокім (МКК).
- Мы наведалi выбарчыя ўчасткі не толькі ў Глыбоцкім, але і Докшыцкім раёне, і бачым наступнае: арганізацыя выбараў - на высокім узроўні: кабінкі для галасавання зручныя, скрыні для бюлетэняў апячатаны, прысутнічаюць назіральнікі ад розных партый, грамадскіх арганізацый. Члены камісіі ставяцца да сваёй працы сур'ёзна і прафесійна, адчуваецца, што да гэтага праводзілася грунтоўная падрыхтоўчая работа. Я не заўважыў ніякіх парушэнняў, працэс галасавання ідзе актыўна, людзі прыходзяць і робяць свой выбар. Таксама прыемна здзівіла яўка: я бачыў шмат маладых людзей, якія прыйшлі выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. У цэлым, я задаволены арганізацыяй выбараў на гэтых участках і лічу, што яны праходзяць сумленна і адкрыта, - такое меркаванне выказаў Леанід Анфімаў.
Па словах Віталя Бусько, атмасфера на выбарчых участках прыязная і спакойная.
– Звярнуў увагу на тое, што большасць выбаршчыкаў прыйшлі на выбары з вялікім энтузіязмам і жаданнем выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны актыўна абмяркоўвалі кандыдатаў і іх праграмы, задавалі пытанні і рабілі свой выбар. Таксама адзначыў, што на выбарах прысутнічала вялікая колькасць маладых людзей, што гаворыць аб тым, што будучыня нашай краіны ў надзейных руках. У цэлым, застаўся задаволены арганізацыяй і правядзеннем выбараў, - падкрэсліў Віталь Бусько.