Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Панарама
Панарама
Галоўная / Навіны / Навіны раёна
2 верасня 2024

У Падсвільскай СШ імя Героя Савецкага Саюза П.М. Казлова адбыліся ўрачыстасці з нагоды новага навучальнага года

Сёння ў Падсвільскай сярэдняй школе імя Героя Савецкага Саюза П.М. Казлова, як і ва ўсіх установах адукацыі нашай роднай Беларусі, прайшлі святочныя мерапрыемствы ў гонар першага школьнага званка ў новым 2024-2025 навучальным годзе. Нягледзячы на ​​тое, што сонейка ў гэты дзень спецыяльна прыкрылася парасонам шчыльных аблокаў, прасторны школьны двор ззяў, свяціўся прамяністымі ўсмешкамі дзятвы. Сустрэча з абноўленай пасля вялікага рамонту школай, з аднакласнікамі пасля летніх канікул была незвычайна радаснай. З любаваннем глядзелі на падрасшых і адужэўшых за лета дзяцей і таксама цешыліся іх бацькі і педагогі. Гэту агульную радасць падзялялі і ганаровыя госці школьнай урачыстасці: старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца, старшыня Галубіцкага сельвыканкама Пётр Супранёнак, старшы ўчастковы інспектар аддзела ўнутраных спраў Глыбоцкага райвыканкама Ігар Яцкоўскі, інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеянні з грамадскасцю Глыбоцкага РАНС Дар'я Капшуль і галоўны інжынер Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Алена Пяткевіч.

На ўрачыстую лінейку пастроiліся ўсе 189 навучэнцаў. У цэнтры ўвагі - вядома ж, першакласнікі. Выкананне дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь узвышала пачуцці ўсіх прысутных на гэтым цудоўным і ўсенародна любімым свяце, напаўняла сэрца гонарам за сваю Радзіму.

Першай ад імя раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў павіншавала ўсіх з Днём ведаў, з пачаткам новага навучальнага года Вера Цяліца.

– Дарагія рабяты, – пачала са звароту да навучэнцаў школы Вера Міхайлаўна, - вельмі прыемна бачыць вас падросшымi, загарэлымі і такімі вясёлымі. Відаць, што лета вы правялі цудоўна. Яно ў вас было цёплым, яркім і цікавым.

Важна заўважыць, што ў гэтым годзе на падрыхтоўку школ раёна зрасходавана больш за паўтара мільёна рублёў. З іх мільён рублёў быў накіраваны на правядзенне рамонтных работ у Падсвільскай сярэдняй школе. І зараз нам усім прыемна бачыць прыгожы абноўлены будынак гэтай установы адукацыі.

Сёння асаблівы дзень у першакласнікаў, якія ўпершыню пераступаюць парог школы. Няхай жа падарожжа ў краіну ведаў для самых малодшых вучняў будзе займальным і пазнавальным. Самая галоўная задача для кожнага вучня - вучыцца, раскрываць усе свае творчыя здольнасці. Жадаю ўсім школьнікам поспехаў у нялёгкай навучальнай працы, бацькам і педагогам быць вернымі спадарожнікамі дзяцей, дапамагаць ім у засваенні ведаў, у іх грамадзянскім станаўленні і затым упэўненым уступленні ў самастойнае жыццё. Жадаю ўсім моцнага здароўя. Хай навучальны год дорыць радасць яркіх адкрыццяў і высокіх дасягненняў.

Цёплыя пажаданні выдатна вучыцца і вырасці годнымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь прагучалі ў прывітальных прамовах Ігара Міхайлавіча Яцкоўскага і Дар'і Аляксандраўны Капшуль.

Горача і сардэчна вітала навучэнцаў, іх бацькоў, педагогаў і гасцей дырэктар школы Людміла Іванаўна Саўліч. Кіраўнік установы адукацыі шчыра дзялілася з усімі радасцю ад дасягнутых калектывам поспехаў у мінулым навучальным годзе, ад таго, што ў школе вельмі шмат зроблена для паспяховай вучобы дзяцей, для іх адпачынку і заняткаў па інтарэсам. За дапамогу і падтрымку, за правядзенне вялікага аб'ёму рамонтных работ яна падзякавала кіраўніцтву раёна, а таксама будаўнікам ТАА "Аўта".

Годна трымалі слова на ўрачыстай лінейцы першакласнікі пад кіраўніцтвам сваёй першай настаўніцай Валянціны Станіславаўны Пліско і іх самыя старэйшыя школьнікі - навучэнцы адзінаццатага класа. А права даць першы званок у новым навучальным годзе было дадзена вучаніцы першага класа Дар'і Сеньчанка і адзінаццацікласніку Андрэю Дубіну.

"У добры шлях!" – гучалі пажаданні ўсім вучням Падсвільскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза П.М. Казлова. Шчаслівага навучальнага года жадаем усім школьнікам Глыбоччыны!