Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
Ва ўсіх установах адукацыі Глыбоцкага раёна для навучэнцаў 9-х і 11-х класаў прагучалі апошнія школьныя званкі.
У гэты сонечны дзень у адрас выпускнікоў гучалі шчырыя віншаванні і пажаданні шчаслівай жыццёвай дарогі ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, кіраўнікоў арганізацый, класных кіраўнікоў і бацькоў.
Мноства кветак, хвалюючы настрой, развітальны вальс і выпушчаныя ў палёт паветраныя шары і галубы зрабілі момант развітання са школай і сустрэчы з дарослым жыццём незабыўным для многіх юнакоў і дзяўчат.
У Глыбоцкай СШ №1 імя П.А. Сухога ён празвінеў для 49 выпускнікоў, навучэнцаў 11 "А" і 11 "Б" класаў, а таксама для 60 дзевяцікласнікаў і 74 вучняў чацвёртых класаў.
На свяце ў якасці ганаровых гасцей прысутнічалі старшыня Глыбоцкага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Шубскі, начальнік аддзела арганізацыйна-прававой і кадравай работы Глыбоцкага мясакамбіната, дэпутат раённага Савета дэпутатаў Сяргей Грыневіч, протаіерэй, клірык сабора Нараджэння Прасвятой Багародзіцы Мікалай Войтаў, інспектар кадравай службы Глыбоцкага РАУС Лілія Бахір.
Аляксандр Шубскі павіншаваў выпускнікоў Сярэдняй школы №1 г. Глыбокае імя П.А. Сухога з апошнім званком:
– Школьныя гады праляцелі незаўважна, сёння вы – выпускнікі і хутка ў вас пачнецца новае, самастойнае, адказнае жыццё. З цеплынёй і падзякай успамінайце сваіх бацькоў, якія вас гадавалі, настаўнікаў, якія ўкладвалі ў вас веды і сваю душу, сваіх сяброў і аднакласнікаў. Любіце роднае Глыбокае, дзе пра вас клапаціліся, стваралі ўмовы для вучобы, развіцця здольнасцяў, адпачынку, дзе вас падтрымлівалі, дапамагалі, вялі па дарозе жыцця; любіце Беларусь – нашу Радзіму, даражэй якой няма.
Аляксандр Мікалаевіч перадаў Сярэдняй школе №1 г. Глыбокае імя П.А. Сухога новы школьны аўтобус.
Уручаючы ключы кіроўцу аўтобуса Міхаілу Вінніку, пажадаў яму лёгкіх дарог, безаварыйных кіламетраў і поспехаў у працы.
Удзел ва ўрачыстым апошнім званку Пліскай сярэдняй школы прыняла Вера Цяліца, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў.
Вера Міхайлаўна цёпла павіншавала юнакоў і дзяўчат з заканчэннем школы:
– Дарагія выпускнікі, настаўнікі, бацькі і госці! Сардэчна віншую вас з гэтай важнай падзеяй у жыцці кожнага чалавека –заканчэннем школы. Сённяшні дзень адначасова радасны і сумны, але, адназначна, доўгачаканы. Многія з вас ужо вызначыліся з выбарам далейшай прафесіі, іншыя яшчэ думаюць. Але для нас усіх вельмі важна, каб вы дасягнулі сваіх мэт, былі б шчаслівымі і, безумоўна, запатрабаваны грамадствам. Крочайце у новае жыццё ўпэўнена, не спыняйцеся на дасягнутых выніках, імкнецеся даведвацца для сябе нешта новае. Удачы вам, сіл і энергіі! У добры шлях!
Вера Цяліца ўрачыста перадала новы школьны аўтобус Пліскай сярэдняй школе.
- Бяспека нашых дзяцей – гэта самае галоўнае. Дарога дзяцей у школу, а пасля ўрокаў і дадому, павінна быць камфортнай і бяспечнай, –адзначыла Вера Міхайлаўна.
Дырэктар школы Уладзімір Плавінскі ад калектыву школы падзякаваў кіраўніцтву раёна за такі падарунак, за клопат аб падрастаючым пакаленні.
Свята апошняга званка ў Глыбоцкай раённай гімназіі выдалася яркім і маштабным.
Ад імя кіраўніцтва Глыбоцкага раёна горача і сардэчна павіншавала рабят, іх бацькоў і педагогаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца.
Вера Міхайлаўна пажадала выпускнікам поспехаў у здачы экзаменаў, выканання ўсіх жаданняў і здзяйснення ўсіх жыццёвых планаў, адзначыўшы, што сёння ва ўстановах адукацыі Глыбоччыны заканчваюць 11-ы клас 168 юнакоў і дзяўчат, 9-ы – 336 вучняў. Ім адкрыты ўсе шляхі і дарогі, створаны ўсе умовы для працягу вучобы, атрымання прафесіі.
Ад райвыканкама і раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца ўручыла падарунак навучэнцам раённай гімназіі – сертыфікат на набыццё кампутараў.