Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Панарама
Панарама
Галоўная / Навіны / Навіны вобласці
2 лютага 2022

Эксперт у лекцыі раскажа аб надпісах у полацкай царкве

Нацыянальная бібліятэка Беларусі (НББ) прадаўжае цыкл "Крыніцы гістарычнай памяці" ў фармаце сустрэч з вядомымі вучонымі. 2 лютага ў зале адукацыйных тэхналогій і ў YouTube дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі БДПУ імя Максіма Танка, кандыдат гістарычных навук, эпіграфіст Іна Калечыц выступіць з лекцыяй "Графіці Полацкай Спаса-Праабражэнскай царквы", паведамляе БЕЛТА.

Што на сценах храма ёсць надпісы, стала вядома ў XIX стагоддзі, калі абсыпалася алейная фарба, якая хавала іх. Самы ранні датаваны запіс - 1189 года, апошні - 8 жніўня 1832 года. Надпісы сустракаюцца ўсюды. На ніжнім ярусе царквы - у алтары, дыяканніку, на ахвярніку. Вялікая колькасць на слупах - на кожным можа быць да 600. Надпісы ёсць нават у аркасоліях - паўкруглых пахавальных нішах у сценах. Усяго ж на сценах старажытнага храма зафіксавана больш за 4 тыс. выяў ХІІ-ХІХ стагоддзяў.

Вучоная Іна Калечыц раскажа аб тым, ці можна было пісаць на сценах царквы, як звалі ігуменняў пасля Ефрасінні Полацкай, які грэх часцей за ўсё згадваецца ў графіці Спаса-Праабражэнскай царквы і ці праўда, што на яе сценах адлюстроўвалі нават коцікаў?

Уваход на мерапрыемства, якое пачнецца ў 15.00 у Нацыянальнай бібліятэцы, свабодны. Тыя, хто не зможа паслухаць у гэты час, будуць мець магчымасць далучыцца да трансляцыі або паглядзець яе потым па спасылцы:https://www.youtube.com/watch?v=Lgc71tqRjl8&ab_channel=КнігаБеларусі.

Праект НБ "Крыніцы гістарычнай памяці" ў фармаце лекцый з запрошаным госцем стартаваў у студзені і расказвае аб гісторыі Беларусі. Кожная сустрэча прысвечана адной з важных старонак нашага мінулага, якая раскрываецца з дапамогай летапісаў, рукапісных і старадрукаваных кніг, старажытных карт, гравюр, падпольных і партызанскіх выданняў часоў вайны, твораў беларускай літаратуры і іншых крыніц, якія захоўваюць гістарычную памяць беларускага народа.

Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр быў заснаваны каля 1125 года прападобнай Ефрасінняй Полацкай, яе мошчы тут знаходзяцца. Да 1161 года на месцы драўлянай была пабудавана каменная Спаса-Праабражэнская царква. У ёй захаваліся ўнікальныя фрэскі, цяпер храм рэстаўрыруюць. Архітэктурны ансамбль манастыра ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

БелТА