Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
Беларусь плануе спрасціць парадак атрымання грамадзянства. Ільготныя ўмовы могуць быць прадастаўлены іншаземцам, якія атрымліваюць у краіне прафесійную адукацыю. Гэта прадугледжана папраўкамі ў закон аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Марыя Васілевіч.
Спрошчаны парадак атрымання беларускага грамадзянства плануецца прадаставіць іншаземцам, якія атрымліваюць у краіне прафесійную адукацыю. Паводле слоў Марыі Васілевіч, тэрмін, на працягу якога чалавек павінен бесперапынна пражываць у Беларусі, скарачаецца з сямі да пяці гадоў.
Ільготным парадкам атрымання грамадзянства змогуць скарыстацца і тыя, хто атрымаў у Беларусі вышэйшую адукацыю і працуе ў краіне не менш за тры гады. Прадугледжваецца, што спрошчаны парадак распаўсюдзяць на іншаземцаў, якія знаходзяцца ў шлюбе з беларусамі не менш за тры гады, маюць дзяцей, грамадзян Беларусі. "Гэтыя новаўвядзенні накіраваны на тое, каб павысіць прывабнасць сістэмы адукацыі, прыцягнуць новых студэнтаў для далейшага фарміравання чалавечага капіталу", - адзначыла дэпутат.
Яшчэ адно новаўвядзенне датычыцца аднаўлення ў грамадзянстве. "Аднаўленне беларускага грамадзянства ў спрошчаным парадку, без выхаду з дзеючага замежнага грамадзянства, згодна з законапраектам прадугледжана для асоб, якія дасягнулі 18-гадовага ўзросту і вярнуліся на пастаяннае пражыванне ў Беларусь", - расказала парламентарый.
Папраўкі прадугледжваюць таксама, што страчваць беларускае грамадзянства будуць асобы, якія ўдзельнічалі ў тэрарыстычнай або іншай экстрэмісцкай дзейнасці з нанясеннем цяжкай шкоды інтарэсам Беларусі. "Але плануецца, што гэта будзе распаўсюджвацца толькі на тых, хто атрымаў грамадзянства не па нараджэнні. Такія нормы існуюць у заканадаўстве ЗША, Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Францыі", - дадала Марыя Васілевіч.
Пашыраны таксама пералік падстаў для адмовы ў спыненні беларускага грамадзянства. Аўтары законапраекта прапануюць распаўсюдзіць гэта не толькі на абвінавачаных, але і на падазроных па крымінальных справах. Паводле слоў парламентарыя, гэта дасць магчымасць выключыць сітуацыі, калі чалавек, знаходзячыся пад следствам, падае на адмову ў грамадзянстве, каб пазбегнуць пакарання.
Папраўкі плануецца разгледзець у першым чытанні на вясенняй сесіі Палаты прадстаўнікоў.