Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
Больш за 350 школьных базараў працуюць у Беларусі напярэдадні новага навучальнага года. Аб гэтым паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік начальніка ўпраўлення арганізацыі гандлю і грамадскага харчавання, начальнік аддзела спажывецкага рынку Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Наталля Мельнікава, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"З 15 ліпеня па ўсёй краіне стартавалі мерапрыемствы па пашыраным продажы тавараў для школьнікаў да новага навучальнага года. Ва ўсіх рэгіёнах краіны арганізавана работа больш як 350 школьных базараў (кірмашоў), праводзяцца выстаўкі-продажы, кірмашы выхаднога дня, аформлены куткі школьніка і першакласніка, выдзелены дадатковыя месцы для продажаў. Для інфармавання пакупнікоў тэматычна аформлены гандлёвыя залы і вітрыны, размешчаны шыльды і планшэты-паказальнікі", - расказала Наталля Мельнікава.
Продаж тавараў для вучняў у Беларусі праводзяць больш за 10 тыс. рознічных гандлёвых аб'ектаў. У іх прадстаўлены шырокі асартымент школьнага адзення, абутку, скургалантарэйных тавараў, школьна-пісьмовых прылад. Каля 500 мадэлей адзення дзелавога стылю для дзяўчынак і хлопчыкаў, з іх - 285 новыя. "Гардэроб адзення дзелавога стылю можна дапоўніць трыкатажнымі вырабамі. Акрамя таго, у продажы ёсць асартымент адзення і абутку для заняткаў фізкультурай і спортам", - дадала яна.
Школьнікам прапануецца каля 100 мадэлей ранцаў, рукзакоў, сумак, якія аснашчаны святлоадбівальнымі элементамі для арганізацыі бяспекі дзяцей на дарогах. Да новага навучальнага года таксама прапануецца разнастайны асартымент пісьмовых і канцылярскіх прылад: сшыткі, альбомы, ручкі, алоўкі і шмат іншага.
"Школьны асартымент сфарміраваны пераважна таварамі беларускай вытворчасці. Для поўнага забеспячэння пакупніцкага попыту адсутны асартымент дапаўняецца за кошт імпарту", - сказала прадстаўнік МАРГ.
Як адзначыла Наталля Мельнікава, паводле інфармацыі сталічных універмагаў, у 2020 годзе цэны на адзенне для вучняў ад айчынных прадпрыемстваў пераважна не змяніліся да ўзроўню мінулага года.
Пастаянна праводзяцца мерапрыемствы і акцыі па продажы тавараў са скідкамі, прапануюцца праграмы крэдытавання і растэрміноўкі. Акрамя таго, гандлёвыя арганізацыі Беларусі праводзяць акцыі сацыяльнай накіраванасці, якія прадугледжваюць прадастаўленне скідак шматдзетным сем'ям, дамам сямейнага тыпу, сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Прадугледжана і аказанне дадатковых паслуг пакупнікам: прыём папярэдніх заказаў на тавары школьнага асартыменту, падгонка адзення па фігуры.
Пытанні бесперабойнага забеспячэння таварамі школьнага асартыменту ў перыяд павышанага попыту знаходзяцца на пастаянным кантролі МАРГ, аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.