Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Панарама
Панарама
Галоўная / Навіны / Навіны рэспублікі
15 лістапада 2018

Дзеячы культуры падзяліліся ўспамінамі пра Ігара Лучанка

Учора ў Доме афіцэраў у апошні шлях праводзілі кампазітара, педагога, народнага артыста СССР Ігара Лучанка. Сваімі ўспамінамі і думкамі аб страце ў эфіры тэлеканала СТБ падзяліліся тыя, хто прысутнічаў на цырымоніі развітання, паведамляе БЕЛТА.

"Ігар Міхайлавіч быў унікальны чалавек, адданы музыцы, класічнаму эстраднаму мастацтву. Чалавек, які ўславіў творчасць беларускіх класікаў, паэтаў у сваіх творах, знаёмых усім - ад Брэста да Камчаткі, - сказаў міністр культуры Юрый Бондар. - Гэта ўсенародна любімы аўтар, педагог. Чалавек, да якога заўсёды можна было звярнуцца за парадай, які валодаў унікальным пачуццём гумару, аптымізмам".

"Гэта не проста страта добрага чалавека. Ён быў душэўны, просты, адкрыты. Гэта страта велізарнага таленту, які паказваў усяму свету, што такое быць таленавітым і заставацца нармальным, сціплым чалавекам, які паказваў прыклад, як трэба тварыць і як трэба ставіцца да людзей. З вялікай любоўю і павагай ставіўся да ўсіх, з кім меў стасункі", - адзначыў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец.

"На ўсё яго хапала. Калі б хто ведаў, як шмат ён дапамагаў людзям. Гэта чалавек вялікага сэрца. Яго жонка, дзеці гавораць: "Самае галоўнае, каб яго песні гучалі. Тады ён будзе шчаслівы". "Упэўнена, яго песні будуць гучаць заўсёды, таму што гэта наш здабытак, нацыянальны скарб", - дадала народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская.

Ігар Лучанок памёр на 81-м годзе жыцця. 2 лістапада ён быў шпіталізаваны ў гарадскую клінічную бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі Мінска з інсультам.

Нарадзіўся Ігар Міхайлавіч у Мінску 6 жніўня 1938 года. Музычную адукацыю атрымаў у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі па класе кампазіцыі прафесара А. Багатырова (1961). Яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата "Курган" (1962) па аднайменнай паэме Янкі Купалы, у далейшым перапрацавана ў рок-оперу "Гусляр" (1971) для ансамбля "Песняры". Талент кампазітара развіваўся ў Ленінградскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара В. М. Салманава (1965) і ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц. М. Хрэннікава (1970). У 1963 годзе малады кампазітар вярнуўся ў альма-матар - Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў якасці выкладчыка, а з часам - і рэктара (1982-1985).

У 1966 годзе Ігар Лучанок упершыню праявіў сябе як самабытны кампазітар-песеннік. На Усесаюзным конкурсе савецкай песні яго песня-балада "Памяць сэрца" (на словы паэта М. Ясеня) у выкананні Віктара Вуячыча атрымала першую прэмію. Гэта песня стала вяхой і вызначыла адну з важных тэм яго творчасці ў наступных песнях: "Хатынь", "Каб камяні маглі гаварыць", "Пісьмо з сорак пятага", "Курган Славы", "Старое кіно", "Майскі вальс". Ён аўтар мноства знакамітых песенных хітоў, яго песні ёсць у рэпертуары ансамбляў "Песняры", "Сябры", "Верасы", зорак эстрады Льва Лешчанкі, Сафіі Ратару і многіх іншых. Сярод мноства ўзнагарод кампазітара - ордэн Францыска Скарыны і ордэн Айчыны.