Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42
Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30
Узроўні вады ў рэках Беларусі ў жніўні чакаюцца сярэднімі для гэтага часу года, паведамілі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
"Мінімальныя ўзроўні вады ў жніўні на большасці рэк Беларусі прагназуюцца блізкімі да сярэдніх шматгадовых значэнняў для гэтай пары года, а на Заходняй Дзвіне, Прыпяці і Дняпры каля Магілёва - блізкімі да ніжэйшых шматгадовых значэнняў. На Дняпры каля Рэчыцы, гарадскога пасёлка Лоеў, Бярэзіне каля Светлагорска, Сожы каля Гомеля, Прыпяці каля Мазыра ўзроўні вады апусцяцца ніжэй за адзнаку, якая лімітуе суднаходства", - расказалі ў Белгідрамеце.
Паводле інфармацыі гідролагаў, у ліпені на рэках краіны былі адзначаны ваганні ўзроўняў вады. Так, на Заходняй Дзвіне каля Віцебска і Дняпры каля Жлобіна ўзроўні вады апусціліся ніжэй за адзнаку, якая лімітуе суднаходства. На працягу месяца на нядоўгі час узроўні вады апускаліся ніжэй за небяспечныя нізкія адзнакі на Дняпры каля Рэчыцы, Бярэзіне каля Бабруйска, Сожы каля Крычава і Слаўгарада. На прытоку Нёмана рацэ Рось каля вёскі Студзянец і прытоку Заходняга Буга рацэ Лясная каля Камянца ўзроўні вады перавысілі адзнакі выхаду вады на пойму, а на Віліі каля вёскі Сцешыцы і прытоку Бярэзіны рацэ Бобр каля вёсцы Куты вада знаходзілася на пойме кароткі перыяд часу.
Таксама ў канцы ліпеня воднасць Віліі і Нёмана ў Гродне перавысіла норму на 20-30 працэнтаў, у той час як на Сожы воднасць для гэтага часу года была вышэйшай за звычайную на 40-70 працэнтаў. Воднасць Дняпра, Бярэзіны і Нёмана на ўчастку Стоўбцы - Масты была блізкая да нормы і крыху ніжэйшая за яе, а на Заходняй Дзвіне і Прыпяці значна меншая за норму.
Сярэдняя тэмпература вады ў рэках Беларусі за ліпень склала плюс 18-23 градусы, што блізка да звычайнай для гэтай пары года.
Як адзначаюць у Белгідрамеце, на гэты момант на рэках краіны назіраюцца ваганні ўзроўняў вады з сутачнай інтэнсіўнасцю 1-17 см. Неспрыяльныя ўмовы для работы рачнога транспарту адзначаюць на Заходняй Дзвіне каля Віцебска, Нёмане каля Гродна, Дняпры каля Магілёва і Жлобіна, Бярэзіне каля Бабруйска, Сожы каля Крычава і Слаўгарада. Узроўні вады перавышаюць адзнакі выхаду вады на пойму на прытоку Нёмана рацэ Рось каля вёскі Студзянец і прытоку Заходняга Буга рацэ Лясная каля Камянца.