Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Адрас райвыканкама:
211800, Віцебская воб., г. Глыбокае, вул. Леніна, 42

Тэлефон прыёмнай:
8 (02156) 2 58 65
Факс: 8 (02156) 2 58 30

Глыбокае ноччу
Глыбокае ноччу
Галоўная / Рэгіён / Гісторыя

Гісторыя

Гісторыя горада Глыбокае

Глыбокае ўпершыню згадваецца пад 1414 г. як зямля, што належала Зяновію Братошычу. Ён атрымаў ад вялікага князя Вітаўта дазвол на права валодаць бацькоўскімі землямі (сярод іх згадваецца і маёнтак Глыбокае). Наступнае летапіснае згадванне аб Глыбокім адносіцца да 1514 г. У Літоўскай метрыцы адзначаецца, што "старец барина Юрия Дисненского... забил человека барина его милости Верхнянца... идучи с торгов с имения барина Юрия с Глубокого...". Адсюль можна зрабіць выснову, што ўжо ў пачатку ХVI стагоддзя мястэчка Глыбокае было буйным гандлёвым цэнтрам.

У той час мястэчка Глыбокае было падзелена на дзве часткі: паўднёва-заходняя належала Зяновічам і ўваходзіла ў склад Ашмянскага павета Віленскага ваяводства, паўночна-ўсходняя - Корсакам і ўваходзіла ў склад Полацкага ваяводства. Цэнтрам паўднёва-заходняй часткі была гандлёвая плошча з крамамі, складамі, уніяцкай царквой, шпіталем. Тут быў пабудаваны Глыбоцкі замак. Паўночна-ўсходняя частка Глыбокага таксама мела ў цэнтры гандлёвую плошчу, ад якой пачыналіся шляхі на Дзісну, Полацк і мястэчка Беразвечча.

У час Лівонскай вайны (1558 – 1583 гг.) Глыбокаму і ваколіцам была нанесена значная шкода маскоўскімі войскамі. У канцы XVI стагоддзя ў Глыбокім былі заснаваны кальвінскі збор, бібліятэка і школа. З 1628 г . пачаў дзейнічаць Троіцкі касцёл. У 1636 г. ваявода мсціслаўскі і стараста дзісненскі Іосіф Корсак заснаваў у мястэчку касцёл і кляштар ордэна кармелітаў босых. У сярэдзіне XVII стагоддзя пабудавана царква Святой Тройцы (згарэла ў 1880 г.).

У перыяд вайны Маскоўскага царства з Рэччу Паспалітай 1654 – 1667 гг. Глыбокае займалі маскоўскія войскі. Яны пабудавалі тут невялікую драўляную крэпасць - "астрог", у якім размяшчаўся гарнізон. 6 лістапада 1661 г. каля Глыбокага адбылася буйная бітва: войскі ВКЛ на чале з Чарнецкім разбілі рускую армію пад камандаваннем Хаванскага (больш чым 18 тыс. чалавек).

У 1668 г. паўднёва-заходняя частка Глыбокага перайшла ў валоданне Радзівілаў. Паводле інвентару 1702 г., сядзібны комплекс Радзівілаў у Глыбокім уключаў галоўны 1-павярховы драўляны будынак, флігель, пякарню, склады, стайні, адрыны, сажалку, вадзяны млын, іншыя гаспадарчыя будынкі. У маёнтку налічвалася 263 двары.
У XVIII стагоддзі ў мястэчку былі 2 гандлёвыя плошчы з таварнымі крамамі і пераважала драўляная 1-павярховая жылая забудова. У 1742 г. пабудавана сінагога, у канцы XVIII стагоддзя - Ільінская капліца на могілках.

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.) Глыбокае ўвайшло ў склад Расійскай імперыі.

Падчас вайны 1812 г. з ліпеня па снежань Глыбокае было занята французскімі войскамі. З 18 ліпеня на працягу 6 дзён тут знаходзіўся Напалеон. Былі створаны этапны пункт, буйныя харчовыя склады.

У час паўстання 1830 – 1831 гг. каля Глыбокага адбыліся баі паўстанцаў з урадавымі войскамі. З 1842 г. паўднёва-ўсходняя частка мястэчка знаходзілася ў валоданні дзяржавы, паўднёва-заходняя – заставалася прыватнаўласніцкай. Глыбокае было цэнтрам Глыбоцкай воласці, мела 212 двароў, у якіх пражываў 2161 жыхар (1861 г.).

У 1886 г. ў Глыбокім дзейнічалі піваварны, вінакурны, цагельны заводы; было некалькі складоў з таварамі і прыватныя крамы; у нядзелю збіраліся рынкі, штогод - 2 кірмашы. Паводле перапісу 1897 г., у мястэчку пражывала 5564 жыхары. Падчас 1-й сусветнай вайны да Глыбокага была пракладзена чыгунка.

У лістападзе 1917 г. ў мястэчку былі арганізаваны першыя Саветы. У лютым - снежні 1918 г. Глыбокае акупіравана германскімі войскамі, а ў жніўні 1919 - ліпені 1920 г. і кастрычніку 1920 г. было занята войскамі Польшчы. 5 ліпеня 1920 г. у наваколлі мястэчка адбыліся баі савецкіх і польскіх войскаў, у якіх загінула шмат салдат.
У 1921-1939 гг. Глыбокае ўвайшло ў склад Польшчы і стала цэнтрам Дзісенскага павета Віленскага ваяводства, у якім да 1939 г. пражывала 9,7 тыс. жыхароў.
З восені 1939 г. Глыбоччына - у складзе БССР. 15 студзеня 1940 г. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР створаны Глыбоцкі раён (цэнтр - г. Глыбокае) як адміністрацыйная частка Вілейскай вобласці. У яго склад уваходзілі горад Глыбокае, Глыбоцкая і частка Залескай воласці Дзісенскага павета. Тэрыторыя раёна склала 592 кв. км. з насельніцтвам 35099 чалавек (у Глыбокім - 9650).

2 ліпеня 1941 г. Глыбокае было акупавана нямецка-фашысцкімі захопнікамі і ператворана ў цэнтр акругі рэйхскамісарыята "Остланд". Тут размяшчаліся ўправа акругі, нямецкі гарнізон, вайсковыя склады. Акупанты стварылі ў Глыбокім яўрэйскае гета, якое знішчылі ў 1943 г. У раёне Беразвечча размяшчаўся лагер смерці, яго ахвярамі сталі звыш 27 тыс. савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных.

3 ліпеня 1944 г. савецкія войскі вызвалілі горад Глыбокае.

Згодна з новым адміністрацыйным падзелам (з 20 верасня 1944 г.) тэрыторыя Глыбоцкага раёна стала адзінкай Полацкай вобласці. У студзені 1954 г. праведзена адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, згодна з якой Глыбоцкі і Пліcкі раёны сталі часткай Маладзечанскай вобласці.

З 20 студзеня 1960 г. раён – у складзе Віцебскай вобласці. У снежні 1962 г. плошчу Глыбоцкага раёна павялічыліся за кошт тэрыторыі ліквідаванага Пліскага раёна.