Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Глыбокае наведалі прадстаўнікі Італіі

20.11.2025

Глыбокае наведалі прадстаўнікі Італіі

Глыбоцкі раён наведалі прадстаўнікі Італіі - кіраўнік місіі пасольства Італіі ў Беларусі Тамаза П'етра Маркеджані і аташэ па пытаннях абароны Вітору Парэла. Гасцей вітала намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч. Мэтай іх візіту стала ўвекавечанне памяці італьянскіх салдат, якія апынуліся ў канцэнтрацыйных лагерах на тэрыторыі раёна і загінуўшых ад рук нацыстаў у гады Другой сусветнай вайны.

"Наведванне Глыбоччыны ў лістападзе стала для нас традыцыйным, прымеркаваным да Дня нацыянальнага адзінства і Узброеных сіл Італіі", – падкрэсліў Тамаза П'етра Маркеджані.

У рамках візіту, прытрымліваючыся традыцыі, прадстаўнікі італьянскага боку ўсклалі вянкі да манумента на мемарыяльным комплексе "Барок". Тут спачываюць астанкі 27 тысяч ахвяр Беразвецкага канцлагера, сярод якіх – каля 200 італьянскіх салдат.

Таксама вянкі былі ўскладзены ля памятнага месца ў вёсцы Арэхаўна, дзе ў брацкай магіле пахаваныя 10 італьянскіх вайскоўцаў.

Гісторыя знаходжання італьянскіх ваеннапалонных на Глыбоччыне бярэ свой пачатак з канца 1943 года. Пасля аднабаковага выхаду Італіі з вайны, Германія, прадбачачы такі крок і правёўшы аперацыю па акупацыі краіны і раззбраенні італьянскай арміі, паставіла перад італьянцамі жорсткі выбар: альбо працягнуць змагацца на баку Германіі, альбо адправіцца ў лагеры ваеннапалонных. Прыкладна палова італьянскай арміі выбрала шлях спынення вайны, падзяліўшы лёс ваеннапалонных. Іх пачалі накіроўваць у канцлагеры на тэрыторыі Польшчы і Савецкага Саюза. Значная колькасць італьянскіх салдат, па розных ацэнках, больш за тысячу, апынуліся менавіта на Глыбоччыне.

Асноўная маса італьянскіх ваеннапалонных утрымлівалася ў Беразвецкім лагеры, а каля 150 чалавек знаходзіліся ў лагеры ў вёсцы Арэхаўна. Разам з палоннымі з Беразвечча, яны былі задзейнічаны ў будаўніцтве абарончых збудаванняў на подступах да Глыбокага і артылерыйскіх складоў у Лаўрынаўскім лесе.

30 чэрвеня 1944 года, з уступленнем першых савецкіх войскаў на тэрыторыю Глыбоцкага раёна, нямецкія войскі, не маючы намеру ўтрымліваць мяжу, пачалі тэрміновую эвакуацыю матэрыяльных каштоўнасцяў. Па наяўных звестках, італьянцаў з Беразвецкага лагера яны адвялі з сабой, працягваючы выкарыстоўваць іх у якасці бясплатнай працоўнай сілы. Аднак, па сведчаннях мясцовых жыхароў, усе насельнікі лагера ў Арэхаўна былі расстраляныя. Праз некалькі дзён пасля вызвалення раёна, людзі выявілі брацкія магілы італьянскіх салдат.

У завяршэнне візіту Тамаза П'етра Маркеджані адзначыў, што, нягледзячы на геаграфічную аддаленасць, беларускія сосны нагадваюць яму пра яго родную Італію, падкрэсліваючы тым самым нябачную сувязь паміж народамі.