Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Памяць аб трагедыі: глыбачане ўшанавалі памяць вязняў яўрэйскага гета

19.08.2025

Памяць аб трагедыі: глыбачане ўшанавалі памяць вязняў яўрэйскага гета

18 жніўня – сумная дата ў гісторыі горада Глыбокае, звязаная з трагічнай гібеллю вязняў яўрэйскага гета.

У гэты дзень жыхары горада традыцыйна збіраюцца ў скверы на вуліцы Чкалава, каб ушанаваць памяць ахвяр Халакосту.

Мітынг, які праходзіць у гэты дзень, становіцца сімвалам адзінства і памяці аб трагічных падзеях мінулага. Удзельнікі мерапрыемства ўскладаюць кветкі да мемарыяла, аддаючы даніну павагі загінуўшым. Асаблівае значэнне мае захаванне яўрэйскай традыцыі – ускладанне камянёў на месца памяці, што сімвалізуе вечную памяць аб ахвярах.

Такія мерапрыемствы не толькі захоўваюць памяць аб трагічных падзеях мінулага, але і служаць важным напамінам аб неабходнасці беражлівых адносін да міру і чалавечнасці ў сучаснасці і будучыні.

– 80 гадоў на нашай зямлі мір і спакой. Менавіта перамога над фашызмам мела лёсавызначальнае значэнне для беларускага народа і выкавала лепшыя рысы нацыянальнага характару – патрыятызм, свабодалюбства, веру і аптымізм, якія дапамагалі і дапамагаюць пераадольваць любыя цяжкасці. І якія так неабходныя нам сёння.

Менавіта сёння нам неабходна аб'яднацца, нельга дапусціць памылковых і неабдуманых рашэнняў, сёння важна слухаць, а галоўнае пачуць адзін аднаго.

Сёння ўсе мы нясем адказнасць за будучыню нашай дзяржавы. Нас аб'ядноўвае любоў да Радзімы, вернасць традыцыям і шчырае жаданне зрабіць сваю Радзіму яшчэ мацнейшай і прыгажэйшай, – адзначыла Вера Цяліца, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, выступаючы на мітынгу, прысвечаным памяці ахвяр глыбоцкага гета.

– Нам пашанцавала не ведаць тых страшных дзён, напоўненых болем, крывёю і здрадай, якія выпалі на долю яўрэйскага народа.

Мы – пакаленне XXI стагоддзя – нясем асаблівую адказнасць за пабудову мiру, заснаванага на ўзаемнай павазе і любові. Будучы спадкаемцамі народа-пераможцы, мы прымаем на сябе адказнасць за лёс роднай Глыбоччыны і ўсёй нашай Радзімы – Рэспублікі Беларусь, – выступіла Яна Раманоўская, першы сакратар раённага камітэта грамадскага аб'яднання "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі".