Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Патрыятычны велапарад "Сімвалы маёй краіны"

12.05.2025

Патрыятычны велапарад "Сімвалы маёй краіны"

У Дзень Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь у Глыбокім прайшоў патрыятычны велапарад "Сімвалы маёй краіны"

Патрыятычны велапарад "Cімвалы маёй краіны", прысвечаны Дню Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна, прайшоў сёння ў Глыбокім.

Яго ўдзельнікаў, а іх было 85 чалавек - дарослых і дзяцей, працуючых маладых людзей і ветэранаў спорту, сямейных пар і сем'яў з дзецьмі, прадстаўнікоў розных прадпрыемстваў і арганізацый, школ і раённай гімназіі, дэпутацкага корпуса, грамадскіх арганізацый і партый – вітала намеснік старшыні Глыбоцкага райвыканкама Таццяна Тарасевіч.

- Нацыянальныя сімвалы нарадзіліся ў барацьбе за шчасце нашага народа. У барацьбе за магчымасць мець незалежнасць. У іх зашыфраваныя наша памяць, нашы беларускія традыцыі. Мы ўшаноўваем нашы сімвалы, ганарымся імі і сваёй краінай. Мы з гонарам гаворым "Мы - беларусы!" - вітала ўдзельнікаў велапараду "Сімвалы маёй краіны" Таццяна Тарасевіч, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама.

Дзмітрый Ждановіч, начальнік міжраённага рэгістрацыйна-экзаменацыйнага аддзялення аддзела ДАІ Глыбоцкага РАУС, павіншаваў удзельнікаў велапараду з дзяржаўным святам і нагадаў аб неабходнасці выканання правілаў бяспекі і правілаў дарожнага руху падчас правядзення велапараду.

Старт велапараду "Сімвалы маёй краіны" быў дадзены на гарадскім стадыёне.

Маршрут пралягаў праз вуліцы Савецкую, Вольную, Крупскай, каля храмаў і музея, праз цэнтр горада на вуліцу Мінскую, далей – каля дзіцячай пляцоўкі "Брыганціна", праз плошчу 17 Верасня і на стадыён, дзе ўдзельнікі праехалі некалькі кругоў.

Заключным акордам велапарада "Сімвалы маёй краіны" стала ўрачыстае ўручэнне сертыфікатаў удзельнікаў.

Узнагароджанне прайшло ў 25-і намінацыях. Вера Цяліца, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў, якая ўзнагароджвала ўдзельнікаў, затым сама атрымала ўзнагароду ў намінацыі "Флагман патрыятызму". Яе ўручыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч.

Вера Цяліца, старшыня Глыбоцкага раённага Савета дэпутатаў:

- Дзяржаўны сцяг, Дзяржаўны герб і Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь - гэта сімвалы нашай памяці. Яны адлюстроўваюць гістарычныя, духоўныя, маральныя рысы беларускай нацыі, якія аб'ядноўваюць гераічнае мінулае, сучаснасць і будучыню нашай краіны. Няхай наш сцяг, герб і гімн заўсёды асвятляюць самыя важныя падзеі нашага жыцця, напаўняючы сэрцы пачуццём патрыятызму, служаць крыніцай гонару і веры ў лепшую будучыню нашай краіны.

Велапарад, які арганізуюць спецыялісты аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, сёлета праходзіў трэці раз.

Кожны год ён збірае ўсё больш удзельнікаў, якія вядуць здаровы лад жыцця, маюць актыўную грамадзянскую пазіцыю і разам са сваёй краінай святкуюць знамянальныя даты.

Зарад бадзёрасці і добрага настрою, нягледзячы на халаднаваты дзень, удзельнікі атрымалі. А яшчэ праэкзаменавалі сябе на цягавітасць і пачуццё калектывізму.