Адно акно
Звароты грамадзян і юрыдычных асоб
Список граждан, нуждающихся в улучшении жилищных условий/ Спіс грамадзян, якім патрэбнае паляпшэнне жыллёвых умоў
26.11.2024
У Глыбокім прайшоў Чэмпіянат па колцы дроў сярод працоўных калектываў рэгіёна. Эстафету перадаў Шаркаўшчынскі раён, дзе спаборнічалі ў мінулыя выхадныя.
Гэтая ініцыятыва атрымала свой пачатак на III Чэмпіянаце па колцы дроў сярод сродкаў масавай інфармацыі, у якім па традыцыі прымаў удзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Ён заявіў, што не толькі прадстаўнікі СМІ, але і чыноўнікі, кіраўнікі і работнікі прадпрыемстваў павінны ўдзельнічаць у такіх чэмпіянатах. Віцебская вобласць першай падхапіла нацыянальную эстафету. Пачалася яна ў Аршанскім раёне. Працягнулі ў Лепельскім, Верхнядзвінскім, Ушацкім, Расонскім, Шумілінскім, Браслаўскім, Міёрскім раёнах. Так эстафета дайшла да Глыбоччыны.
Месцам правядзення чэмпіянату па колцы дроў стала аўтамабільная стаянка ля возера Кагальнае ў Глыбокім. 23 каманды ад прадпрыемстваў нашага горада і раёна заявіліся на ўдзел. У іх ліку прадстаўнікі Глыбоцкага аддзела Дэпартамента аховы, ААТ "Глыбоцкі МКК" (выставілі адразу тры каманды), УП "Глыбоцкі мясакамбінат", ААТ "Глыбоцкі камбікормавы завод", філіял "Глыбоцкія электрычныя сеткі", УА "Глыбоцкі дзяржаўны каледж", філіял "Глыбоцкі занальны вузел электрасувязі", ДУ "Глыбоцкі сацыяльны пансіянат "Вішнёвы", аддзел па адукацыі Глыбоцкага райвыканкама, ДУ "Глыбоцкі цэнтр гігіены і эпідэміялогіі", каманда сельскіх Саветаў дэпутатаў, аддзел унутраных спраў Глыбоцкага райвыканкама, воінская часць 5524, УП Глыбоцкая ЖКГ, Глыбоцкае РАНС, Глыбоцкі раённы вузел паштовай сувязі, Дзвінская эксперыментальная лясная база, Глыбоцкі вопытны лясгас, Глыбоцкі хлебазавод, РУП "ВК-13-Беразвечча" сумесна з папраўчай установай "ВК-13" упраўлення Дэпартамента выканання пакаранняў МУС, Глыбоцкі энергазбыт.
Адкрыў чэмпіянат старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі.
Ён паведаміў, што наколатыя ўдзельнікамі Чэмпіянату дровы будуць перададзены шматдзетнай сям'і Малей з вёскі Каралевічы Галубіцкага сельсавета. У сям'і Андрэя і Ірыны выхоўваецца чацвёра дзетак - Аліса, Сяргей, Уладзіслаў і Юлія.
Затым удзельнікі пачалі непасрэдна спаборніцтва.
Трэба адзначыць, што нароўні з мужчынамі дровы калолі і жанчыны.
Усе каманды прадэманстравалі высокі прафесіяналізм і выдатную фізічную падрыхтоўку. Удзельнікі спаборнічалі не толькі ў хуткасці колкі дроў, але і ў дакладнасці кожнага ўдару. Кожная каманда старалася паказаць свае лепшыя навыкі і тэхніку работы з сякерай.
Па завяршэнні ўсіх этапаў судзейская калегія падвяла вынікі і вызначыла пераможцаў. Сярод каманд першае месца заслужана заняла каманда Глыбоцкага вопытнага лясгаса, другое - Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы, трэцяе - Глыбоцкіх электрычных сетак.
У індывідуальным заліку сярод мужчын першае месца заняў Віктар Сіўко (прадстаўнік Дзвінскай эксперыментальнай лясной базы), другое - Руслан Навумёнак (в/ч 5524), трэцяе – Яўген Татун (прадстаўнік зборнай каманды сельскіх Саветаў дэпутатаў).
У індывідуальным заліку сярод жанчын першае месца заняла Таццяна Бахір (Глыбоцкі МКК), другое – Алеся Сырапятка (Глыбоцкі РВПС), трэцяе – Яна Шарыпа (Глыбоцкі вопытны лясгас).
Акрамя таго, членамі журы было прынята рашэнне адзначыць удзел Юліі Протас (прадстаўнік Глыбоцкага хлебазавода), як самага актыўнага ўдзельніка спаборніцтва па колцы дроў, і старшыні раённага савета ветэранаў Віталя Шыпко, як найстарэйшага ўдзельніка спаборніцтва.
Пераможцы і ўдзельнікі спаборніцтва былі ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Свае віншаванні ім адрасавалі старшыня Глыбоцкага райвыканкама Аляксандр Шубскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Вера Цяліца.
Эстафету Чэмпіянату па колцы дроў перадалі Докшыцкаму раёну.