Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

Глыбоцкі раённы выканаўчы камітэт

У Глыбокім прайшоў традыцыйны калядны баль

13.01.2026

У Глыбокім прайшоў традыцыйны калядны баль

"Хрыстос нарадзіўся! Бог увасобіўся! Радасцю і ўрачыстасцю напаўняюцца сэрцы праваслаўных вернікаў у гэтыя калядныя студзеньскія дні. Каляды - гэта сямейнае свята. А мы з вамі адна вялікая хрысціянская сям'я, якую аб'ядноўвае любоў, надзея і вера. І сёння мы сабраліся ва ўтульнай зале Глыбоцкага гарадскога дома культуры, каб у светлае свята Нараджэння Хрыстовага падзяліцца адзін з адным радасцю і праславіць народжанага Сына Божага", – так вітаў удзельнікаў штогадовага злёту праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі благачынны цэркваў Глыбоцкай акругі протаіерэй Міхаіл Ізаітка. Прывітанне айца Міхаіла дапоўніла начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Людміла Карніловіч, пажадаўшы, каб мерапрыемства стала для ўсіх прысутных лепшым калядным падарункам.

На злёт, па даўно існуючай традыцыі, а сёлета, – нягледзячы на сапраўдны калядны мароз і снежную буру, якая прайшла напярэдадні, прыехала моладзь з Ушачаў, Паставаў, Браслава, Докшыц і Мiёраў. Прыбылі і пастаянныя ўдзельнікі злёту, даўнія сябры праваслаўнай моладзі Глыбоччыны - выхаванцы Полацкага кадэцкага вучылішча разам з дырэктарам, нашым земляком Станіславам Канстанцінавічам Красоўскім.

Пасля каляднай малітвы на сцэну дома культуры выйшлі юныя артысты. Сёлета выхаванцы нядзельнай школы пры саборы Нараджэння Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім у творчым тандэме з работнікамі дома культуры падрыхтавалі спектакль па матывах казкі Г.Х. Андэрсана "Снежная каралева". Зімовая гісторыя, як вядома, апавядае аб адвечнай барацьбе дабра са злом. У сэрца і ў вока хлопчыку Каю трапляе асколак д'ябальскага люстэрка, і ён пачынае заўважаць у кожнай рэчы толькі благія бакi, становіцца грубым і злым, а потым і зусім знікае. Але смелая дзяўчынка Герда адпраўляецца ў царства Снежнай каралевы, у царства вечнага холаду, і сваёй любоўю вызваляе Кая з ледзянога палону. Любоў і дабро ўсёпераможныя!

- Выдатны спектакль! Дзякуй таленавітым акцёрам і ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі пастаноўкі. Вы перанеслі нас у дзяцінства, – падзяліўся са сцэны сваімі ўражаннямі кіраўнік аддзела па працы з моладдзю Садружнасці праваслаўнай моладзі Полацкай епархіі протаіерэй Ігар Чачуковіч. - Але, як казаў Аляксандр Сяргеевіч Пушкін, казка хлусня ды ў ёй намёк. Бо і ў нашы сэрцы, як у сэрцы Кая, нярэдка трапляюць асколачкі. І мы холадна ставімся да блізкіх людзей, кагосьці не заўважаем, вольна ці міжволі крыўдзім. Але гэты холад здольныя падпаліць малітва, любоў і дабрыня любячых нас людзей. Памятаеце пра гэта. З Калядамі!

Працягнулася святочная сустрэча праваслаўнай моладзі ў танцавальнай зале Дома культуры, дзе адбыўся калядны баль. Адкрылі яго выхаванцы Полацкага кадэцкага вучылішча. У вальсе закружыліся галантныя кавалеры і чароўныя дамы. Вальс, паланэз, рускі марш, летка-енька... Нават самыя сарамлівыя і нясмелыя, заразіўшыся ўсеагульным настроем радасці і весялосці, выйшлі на танцавальную пляцоўку і кружылі-кружылі ў танцах. Ах, які цудоўны гэты баль!